*** Сябры! Шукаем рэдактараў і перакладчыкаў! Па ўсіх пытаннях звяртайцеся на pope-franciscum@yandex.by ***


Каля 500 тыс. вернікаў прынялі ўдзел у Эўхарыстыі з папам Францішкам 14 студзеня 2015 г. у “Гэйл Фэйс Грын” – гарадскім парку Каломба, які расцягнуўся на пяць кіламетраў уздоўж узбярэжжа Індыйскага акіяну. Падчас літургіі Святы Айцец здзейніў кананізацыю першага ў гісторыі шры-ланкскага святога – Джозэфа Ваза – святара, які нарадзіўся ў Індыі ў партугальскай сям’і ў сярэдзіне XVII ст. і прысвяціў сваё жыццё дбайнаму служэнню каталіцкай супольнасці Шры-Ланкі, нягледзячы на пераслед з боку каланізацыйных галандскіх пратэстанскіх уладаў таго часу. Напрыканцы св. Імшы арцыбіскуп Каломба кардынал Малькольм Ранжыт урычыў Папе чэк на 70 тыс. долараў, якія былі сабраны мясцовымі вернікамі на карысць дабрачынных ініцыятыў Пантыфіка. Жыццё св. Джозэфа Ваза з’яўляецца стымулам для ўпартага следавання шляхам Евангелля, прыкладам для святароў і ўзорам “пераадолення рэлігійных падзелаў дзеля служэння міру”, сказаў Францішак у сваёй гаміліі. Ён у чарговы раз заклікаў прадстаўнікоў усіх рэлігій да адзінства і супрацьстаяння выкарыстанню рэлігіі для апраўднання насілля.

Паводле Пантыфіка, св. Джозэф Ваз жыў у эпоху падобную на цяперашнюю. Гэта быў час глыбокіх перамен; католікі ў Шры-Ланцы былі меншасцю і часта падзеленымі ўнутры; прысутнічалі варожасць і нават пераслед з боку знешніх сіл. Таму любоў новага святога да Бога і бліжніх, яго адданасць служэнню братам застаюцца прыкладам для сённяшняга Касцёла ў Шры-Ланцы і для яго служэння ўсім, незалежна ад “расы, веравызнання, племянной прыналежнасці, сацыяльнага стану ці рэлігіі”, лічыць Папа.

“Касцёл не просіць нічога іншага акрамя свабоды выканання сваёй місіі. Рэлігійная свабода – гэта фундаментальнае права. Сёння індывідуўм павінен быць свабодным, каб сам ці злучыўшыся з іншымі, шукаць праўду, адкрыта выражаць свае рэлігійныя перакананні, у свабодзе ад запалохванняў і знешніх прымусаў”, сказаў Францішак.

Папа падкрэсліў, што ў цяперашнія часы рэлігійнага фундаменталізму, жыццё св. Джозэфа Ваза “вычыць нас, што сапраўдная пашана да Бога вядзе не да дыскрымінацый, нянавісці і насілля, але да павагі да сакральнасці жыцця, павагі да годнасці і свабоды іншых і добразычлівай дзейнасці на карысць дабрабыту ўсіх”.

Пантыфік назваў св. Джозэфа Ваза прыкладам “місіянерскага запалу” і апостальскага стылю, які сёння варта наследаваць у розных частках свету. “Св. Джозэф ведаў як прадстаўляць праўду і прыгажосць Евангелля ў шматрэлігійным кантэнксце, з павагай, адданасцю, пастаянствам і пакорай. Гэта шлях таксама і сённяшніх вучнях Езуса. Мы пакліканы “выходзіць” з такім самым запалам, з такой самай адвагай св. Джозэфа, але і з такой жа чуллівасцю і павагай да іншых”, сказаў Папа.

Пасля літургіі Святы Айцец вярнуўся ў Апостальскую нунцыятуру ў Каломба, вітаючы сотні тысяч вернікаў і жыхароў горада.

Крыніца: Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё


Фотаальбом: vk.cc/3mDJ2w

 
Наверх