*** Сябры! Шукаем рэдактараў і перакладчыкаў! Па ўсіх пытаннях звяртайцеся на pope-franciscum@yandex.by ***


Мір магчымы, лічыць Святы Айцец. Ён узначаліў 1 студзеня 2014 г., у Сусветны дзень міру, малітву “Анёл Панскі” на галоўнай ватыканскай плошчы і заклікаў маліцца за мір, паколькі яго коранем, перакананы Францішак, з’яўляецца менавіта малітва. “У першы дзень года, у радаснай, але прахалоднай атмасферы Божага Нараджэння, Касцёл запрашае нас звярнуць свой позірк веры і любові да Маці Езуса. - сказаў Папа - У ёй, сціплай жанчыне з Назарэту, “Слова сталася целам і пасялілася між намі” (Ян 1,14). Такім чынам, немагчыма аддзяліць сузіранне Езуса, Слова жыцця, якое стала бачным і адчувальным (1 Ян 1,1), ад сузірання Марыі, якая дала Яму сваю любоў і сваё чалавечае цела. Сёння мы чуем словы апостала Паўла: “Паслаў Бог Сына свайго, народжанага ад жанчыны” (Гал 4,4). Гэты выраз, “народжаны ад жанчыны”, выказвае істотным чынам і таму яшчэ мацней, сапраўдную чалавечнасць Сына Божага. Як кажа адзін з Айцоў Касцёла, св. Атаназій: “Збаўца сапраўды стаў чалавекам і з гэтага факту выплывае збаўленне ўсяго чалавека” (ліст да Эпіктета: PG 26).

Але Павел таксама дадае: “падпарадкаванага Закону” (Гал 4,4). Праз гэты выраз ён падкрэслівае, што Хрыстус прыняў чалавечы стан, вызваляючы яго ад замкнутага ў законе менталітэту. Бо закон, пазбаўлены ласкі, становіцца цяжарам, і замест таго, каб прыносіць нам карысць, робіць нам шкоду. І Езус сказаў, што субота для чалавека, а не чалавек для суботы. Вось мэта, для якой Бог паслаў свайго Сына на зямлю, каб стаць чалавекам: для вызвалення, і нават адраджэння. Вызваленне, “каб адкупіць тых, хто падлягаў Закону” (Гал 4,5), але адкупленне здзяйсняецца ў хвіліну смерці Хрыста на крыжы. А адраджэнне, перш за ўсё, для таго, “каб мы атрымалі ўсынаўленне” (Гал 4,5). Уключаныя ў Яго, людзі сапраўды становяцца Божымі дзецьмі. Гэты цудоўны пераход адбываецца ў нас разам з хростам, што зашчапляе нас, як жывых членаў, у Хрыста і ўключае ў свой Касцёл.

У пачатку новага года варта нагадаць сабе дзень нашага хросту: зноў адкрыць для сябе дар, атрыманы ў гэтым сакрамэнце, які адрадзіў нас да новага жыцця – Божага жыцця. І адбылося гэта дзякуючы Маці Касцёлу, узорам якога з’яўляецца Марыя. Праз хрост мы былі ўведзены ў камунію з Богам і больш не аддадзены на водкуп зла і граху, але атрымліваем любоў, пяшчоту, міласэрнасць Айца Нябеснага.

Яшчэ раз я стаўлю пытанне: хто з вас памятае дзень свайго хросту, яго дату? Падніміце руку! Многія з вас, але не шмат. Тым, хто не памятае, я дам заданне: даведайцеся гэту дату і захавайце яе ў сваім сэрцы. Вы можаце звярнуцца па дапамогу да бацькоў ці хросных, цётачак і дзядзькоў, бабуль і дзядуляў. Калі я быў ахрышчаны? Гэта святы дзень. Зрабіце гэта. Цудоўна дзякаваць Богу за дар хросту.

Гэта блізкасць Бога ў нашым жыцці дае нам праўдзівы спакой, Божы дар, які мы хочам прасіць, асабліва сёння, у Сусветны дзень міру. Я бачу на адным з надпісаў: “Мір заўсёды магчымы”. Гэта заўсёды магчыма, мы павінны імкнуцца да гэтага. Коранем спакою з’яўляецца малітва. Мір заўсёды магчымы, і наша малітва ў падставе яго робіць так, што ён нараджаецца. Сёння Сусветны дзень міру. “Мы больш не рабы, але браты” – гэта яго дэвіз, таму што войны заўсёды знявольваюць нас. Гэта пасланне, якое ўплывае на ўсіх нас. Мы ўсе пакліканы весці барацьбу з рознымі формамі рабства і будаваць братэрства. Усе, на меру сваёй адказнасці. І не забывайцеся: мір магчымы. І ў корані міру заўсёды малітва. Маліцеся за мір! Ёсць таксама школы міру. Мы павінны развіваць выхаванне да міру.

Марыі, Маці Божай і нашай Маці прадставім нашы добрыя пастановы. Мы просім яе, каб распасцёрла над намі і над усімі днямі новага года плашч сваёй матчынай апекі: “у нашых патрэбах не пагарджай маленнем нашым, і ад усялякай злой прыгоды выбаўляй нас заўсёды, Панна хвалебная i благаслаўлёная”.

Я заклікаю ўсіх вас прывітаць сёння Марыю як Маці Божую. І зрабіць гэта прывітаннем: “Найсвяцейшая Багародзіца”. Як яна была названая вернікамі горада Эфес на пачатку хрысціянства, калі ля ўваходу ў храм яны крычэлі да сваіх пастыраў гэта прывітанне ў адрас Маці Божай: “Найсвяцейшая Багародзіца”. Усе разам, паўторым тры разы: “Найсвяцейшая Багародзіца”,- заклікаў Папа падчас сваіх разважанняў.

Пасля “Анёл Панскі” Пантыфік традыцыйна прывітаў шматлікіх пілігрымаў і папрасіў іх маліцца за яго.

Крыніца: Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё


Фотаальбом: vk.cc/3ks8li
 
Наверх