*** Сябры! Шукаем рэдактараў і перакладчыкаў! Па ўсіх пытаннях звяртайцеся на pope-franciscum@yandex.by ***

Праз пяць месяцаў пасля апостальскага падарожжа ў Карэю папа Францішак зноў вяртаецца ў Азію. Сваім бачаннем візіту Пантыфіка на Шры-Ланку і Філіпіны падзяліўся ў інтэрв’ю Ватыканскаму радыё кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін. На яго думку, місія Каталіцкага Касцёла на азіяцкім кантыненце мае два “моцных аспекты”: па-першае, гэта гуманітарная і дабрачынная дзейнасць у галіне аховы здароўя і адукацыі, па-другое, міжрэлігійны дыялог, які грае вырашальную ролю для пабудовы спакою ва ўсім свеце. На гэты апошні аспект і будзе накіравана ўвага Францішка падчас апостальскага падарожжа, якое мае адбыцца на наступным тыдні.

Ватыканскі іерарх перакананы, што ў Шры-Ланцы можна казаць пра ролю Каталіцкага Касцёла як маста паміж рознымі этнічнымі групамі. Касцёл у гэтай краіне яднае вернікаў абедзвюх асноўных этнічных груп – сінгалаў і тамілаў, што дазваляе яму “выконваць функцыю прымірэння, дыялогу і супрацоўніцтва”. Кардынал Дзяржсакратар падкрэсліў той факт, што на Шры-Ланцы заўсёды панавала гармонія паміж прадстаўнікамі розных рэлігій. На жаль, у апошні час у краіне з’явіліся экстрэмісцкія групоўкі, якія маніпулююць грамадскай думкай і спрабуюць дэстабілізаваць сітуацыю. Кардынал Паралін спадзяецца, што ўмяшанне ўладаў прывядзе да таго, што верх возьмуць фундаментальныя каштоўнасці грамадства. Ён нагадаў, што каталіцкую святыню ў Маду шануюць і наведваюць не толькі католікі, але і прадстаўнікі іншых рэлігій. Падчас нядаўняй грамадзянскай вайны гэты храм знаходзіўся на лініі фронту паміж ваюючымі групоўкамі і стаў сховішчам для многіх бежанцаў з абодвух бакоў. Падчас свайго наведвання святыні Францішак, пэўна, нагадае пра гэты жорсткі канфлікт, не для таго каб развярэдзіць раны, а каб падкрэсліць неабходнасць прымірэння грамадства Шры-Ланкі.

Што да філіпінскага Касцёла, то ён адыгрывае важнейшую ролю ў азіяцкім і глабальным кантэксце, адзначыў кардынал Дзяржсакратар. Напрыклад, у адукацыі моладзі, якая прыязджае сюды з суседніх азіяцкіх краін на вучобу ў каталіцкіх універсітэтах. Шматлікія філіпінцы жывуць ва ўсім свеце: у азіяцкіх краінах, Еўропе і Амерыцы, таму Філіпіны маюць велізарны евангелізацыйны патэнцыял, лічыць кардынал Паралін.


Крыніца: Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё

 
Наверх