*** Сябры! Шукаем рэдактараў і перакладчыкаў! Па ўсіх пытаннях звяртайцеся на pope-franciscum@yandex.by ***


Ужо ў другі раз за кароткі час свайго знаходжання на Пасадзе св. Пятра Францішак накіруецца на наступным тыдні на далёкую зямлю Азіі. Пасля яго візіту ў Карэю летам мінулага года ён едзе з 12 па 19 студзеня ў Шры-Ланку і на Філіпіны. Здаецца, што Папа хоча надаць Каталіцкаму Касцёлу на самым шматлюдным кантыненце большую вагу. У большасці яго раёнаў, асабліва эканамічна моцных, католікі з’яўляюцца інтэнсіўна растучай меншасцю, хоць амаль усюды ў Азіі яны сутыкаюцца з сур’ёзнымі палітычнымі і культурнымі праблемамі.

Трэба адзначыць, што падчас свайго пастырскага візіту Францішак наведае два вельмі розных мясцовых Касцёлы. Яны абодва нарадзіліся дзякуючы місійнай дзейнасці еўрапейскіх каланіяльных дзяржаў у XVI ст. У агульнарэлігійнай статыстыцы азіяцкія католікі займаюць адну з ніжэйшых пазіцый. Толькі 3,2% з 4 млрд. жыхароў кантынента з’яўляюцца членамі Каталіцкага Касцёла. Для параўнання, у Афрыцы – па меншай меры 18,6%, у Еўропе – 40, а ў Амерыцы – нават 63%.

Але Касцёл нідзе не расце настолькі хутка, як у Азіі. Сёння тут жыве кожны дзесяты католік – у агульнай складанасці 134 млн. І, нягледзячы на цяжкасці і нават пераслед, многія мясцовыя Касцёлы, прысутныя на гэтым вялізным кантыненце з яго разнастайнымі культурамі і сацыяльнымі мадэлямі, адзначаюцца вітальнасцю і дынамікай.

Крыніца: Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё
 
Наверх