*** Сябры! Шукаем рэдактараў і перакладчыкаў! Па ўсіх пытаннях звяртайцеся на pope-franciscum@yandex.by ***


Сустрэць любоў і міласэрнасць Бога можна ў сакрамэнтах, асабліва ў Эўхарыстыі, а ўбачыць – у абліччах нашых братоў, асабліва бедных, хворых, зняволеных, бежанцах, якія ’яўляюцца жывым целам пакутуючага Хрыста і бачнай выявай нябачнага Бога. З такімі словамі папа Францішак звярнуўся 11 студзеня 2015 г. да вернікаў сабраных на плошчы св. Пятра з нагоды нядзельнай малітвы “Анёл Панскі”. “Сёння мы адзначаем свята Хросту Пана, якое заканчвае перыяд Божага Нараджэння, – нагадаў Папа. – Евангелле апісвае тое, што адбылося на беразе ракі Ярдан. У момант, калі Ян Хрысціцель удзяліў хрост Езусу, нябёсы раскрыліся. “І адразу, – кажа св. Марк – калі выходзіў з вады, убачыў нябёсы раскрытыя” (1,10). Вяртаецца на розум драматычны заклік прарока Ісаі: “О, калі б Ты разарваў нябёсы і сышоў!” (Іс 63,19). Адказ на гэты заклік быў споўнены падчас хросту Езуса. І так закончыўся час “закрытых нябёсаў”, якія ўказвалі падзел паміж Богам і чалавекам, наступства граху. Грэх аддаляе ад Бога і разрывае сувязь паміж зямлёй і небам, вызначаючы, такім чынам, нашу беднасць і ўпадак нашага жыцця. Адкрытыя нябёсы ўказваюць, што Бог падарыў сваю ласку, каб зямля прынесла свой плён (пар. Пс 85,13). Так зямля стала домам Божым паміж людзьмі і кожны з нас мае магчымасць сустрэць Сына Божага, адчуць Яго любоў і бясконцую міласэрнасць. Мы можам па-сапраўднаму сустрэць яе ў сакрамэнтах, асабліва ў Эўхарыстыі. Мы можам распазнаць яе ў абліччах нашых братоў, асабліва бедных, хворых, зняволеных, бежанцах: яны з’яўляюцца жывым целам пакутуючага Хрыста і бачнай выявай нябачнага Бога.

З хростам Езусам не толькі “раскрыліся нябёсы”, але Бог зноў прамовіў, праз гучанне свайго голасу: “Ты Сын Мой умілаваны, Цябе ўпадабаў Я” (Мк 1,11). Голас Айца абвясціў таямніцу, якая схавана ў Чалавеку ахрышчаным Прадвеснікам.

Затым адбыўся сыход Святога Духа ў выглядзе галуба: гэта дазволіла Хрысту, Намашчанаму Пана, інаўгураваць сваю місію, якой з’яўляецца наша збаўленне. Святы Дух – гэта вялікі забыты нашых малітваў. Мы часта молімся да Езуса; молімся да Айца, асабліва ў “Ойча наш”; але не так часта молімся да Святога Духа, праўда? Ён забыты. А мы маем патрэбу ў тым, каб прасіць аб Яго дапамозе, Яго сіле, Яго натхненні. Святы Дух, які цалкам натхняў жыццё і таямніцу Езуса, гэта той жа самы Дух, якія сёння кіруе хрысціянскім жыццём, жыццём мужчын і жанчын, якія называюць сябе хрысціянамі і жадаюць імі быць. Адкрываць на дзейнасць Святога Духа наша хрысціянскае жыццё і місію, якую ўсе мы атрымалі ў сілу хросту, азначае знаходзіць апостальскую адвагу, неабходную для перамогі над простым марным камфортам. Хрысціянін і супольнасці “глухія” да голасу Святога Духа, які падштурхоўвае несці Евангелле на крайнія межы зямлі і грамадства, становяцца хрысціянамі і супольнасцямі “нямымі”, якія не прамаўляюць і не евангелізуюць. Памятайце пра гэта: пра малітву, каб Святы Дух нам дапамагаў, даваў нам сілу, натхненне і дазваляў ісці наперад. Марыя, Маці Бога і Касцёла, суправаджай шлях усіх ахрышчаных; дапамагай нам расці ў любові да Бога і радасці служэння Евангеллю, каб такім чынам даць поўны сэнс нашаму жыццю.

Пасля марыйнай малітвы, Францішак нагадаў, што 12 студзеня 2015 г. пачынаецца яго апостальскае падарожжа ў Шры-Ланку і на Філіпіны. У сувязі з гэтым Папа заклікаў вернікаў аб малітве ў інтэнцыі гэтага падарожжа.

Крыніца: Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё


Фотаальбом: vk.cc/3m08P2
 
 
Наверх