*** Сябры! Шукаем рэдактараў і перакладчыкаў! Па ўсіх пытаннях звяртайцеся на pope-franciscum@yandex.by ***


Пантыфік павіншаваў 6 студзеня 2015 г. католікаў і праваслаўных, якія адзначаюць Нараджэнне Хрыстова па юліянскім календары. Ён узначаліў на плошчы св. Пятра малітву “Анёл Панскі” ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана і спаслаўся на прыклад трох мудрацоў з усходу. Паводле Францішка, кожны хрысціянін павінен углядацца ў неба, каб шукаць бачныя знакі нябачнага Бога. “У ноч Божага Нараджэння мы разважалі прыход у Бэтлеемскую пячору пастухоў, якія належалі да народа Ізраіля. - нагадаў Папа - Сёння, ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана, мы ўзгадваем прыход мудрацоў, якія прыбылі з усходу, каб пакланіцца нованароджанаму Валадару габрэяў і ўсеагульнаму Збаўцы і прапанаваць свае сімвалічныя падарункі. Сваім жэстам любові мудрацы засведчылі, што Езус прыйшоў на зямлю, каб збавіць не адзін народ, але і ўсіх людзей. Такім чынам, сённяшняя ўрачыстасць пашырае наш позірк да гарызонту ўсяго свету, каб святкаваць “маніфестацыю” Пана адносна ўсіх людзей, што з’яўляецца праявай любові і ўсеагульнага збаўлення ад Бога. Ён не прызначае сваёй любові толькі для некаторых прывілеяваных, але прапануе яе ўсім. Як для ўсіх Ён – Творца і Айцец, так для кожнага жадае быць Збаўцам. Таму мы пакліканы пастаянна захоўваць вялікі давер і надзею адносна кожнага чалавека і яго збаўлення: нават тых, хто, здаецца, далёка ад Пана ідзе – або, хутчэй, аддаляецца – ад Яго гарачай і адданай любові, любові пакорнай. Паколькі Божая любоў – заўсёды пакорная, вельмі пакорная.

Евангельскае апавяданне аб мудрацах з Усходу апісвае іх падарожжа як вандроўку душы, як шлях да яднання з Хрыстом. Яны ўважлівыя да знакаў, якія паказваюць на Яго прысутнасць, нястомныя ў вырашэнні цяжкасцяў на шляху пошукаў, мужныя адносна наступстваў сустрэчы з Панам для жыцця. Жыццё – яно такое: хрысціянскае жыццё – гэта вандроўка, уважлівая, нястомная і мужная. Такім чынам павінен жыць хрысціянін – ідучы уважліва, нястомна і мужна. Досвед мудрацоў нагадвае падарожжа кожнага чалавека да Хрыста. Як і для мудрацоў, для нас шукаць Бога – значыць ісці – уважліва, нястомна і мужна – углядаючыся ў неба і заўважаючы бачны знак зоркі нябачнага Бога, Які гаворыць з нашым сэрцам. Зорка, якая ў стане накіраваць любога чалавека да Езуса – гэта Божае Слова. Біблія, Евангелле, Божае слова – гэта святло, якое накіроўвае наш шлях, сілкуе і абнаўляе нашу веру. Гэта Слова Бога абнаўляе нашы сэрцы і нашы супольнасці. Таму не забывайцеся чытаць і разважаць яго кожны дзень, каб яно станавілася полымем, якое носім унутры сябе, каб асвятліць нашы крокі, і крокі тых, хто ходзіць побач з намі, магчыма, спрабуючы знайсці свой шлях да Хрыста. Заўсёды з Божам Словам! Слова Божае трэба трымаць у руцэ: маленькае Евангелле ў кішэні, у сумцы, заўсёды, каб прачытаць яго. Не забывайцеся аб гэтым: Божае Слова заўсёды са мной!

У гэты дзень Аб’яўлення Пана нашы думкі таксама скіраваны да братоў і сясцёр хрысціянскага Усходу, католікаў і праваслаўных, многія з якіх святкуюць заўтра Хрыстовае Нараджэнне. Ім я выказваю нашы самыя цёплыя пажаданні.

Хацеў бы нагадаць, што сёння мы адзначаем Сусветны дзень дзяцей-місіянераў. Гэта свята дзяцей, якія жывуць з радасцю дарам веры і моляцца, каб святло Езуса дасягнула ўсіх дзяцей свету. Я заклікаю педагогаў выхоўваць у падлетках місійны дух. Выхоўваць дзяцей не закрытых, але наадварот, якія бачаць шырокія гарызонты, з сэрцам, якое імкнецца да гарызонту, каб сярод іх нараджаліся сведкі пяшчоты Бога і прапаведнікі Яго любові.

Звернемся зараз да Панны Марыі і будзем заклікаць яе абарону для Паўсюднага Касцёла, каб распаўсюджваў па ўсім свеце Евангелле Хрыста, Lumen Gentium, святло усіх народаў. Каб яна прымушала нас ісці усё далей і далей па шляху, будучы уважлівымі, нястомнымі і мужнымі”, - сказаў Папа.

Пасля малітвы “Анёл Панскі” Францішак прывітаў тысячы пілігрымаў, сабраных на плошчы св. Пятра.

Крыніца: Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё

 
Наверх