*** Сябры! Шукаем рэдактараў і перакладчыкаў! Па ўсіх пытаннях звяртайцеся на pope-franciscum@yandex.by ***


Святы Айцец рыхтуецца да свайго другога “азіяцкага” падарожжа. Падчас усіх запланаваных мерапрыемстваў Пантыфіка будуць суправаджаць 85 журналістаў. “Пантыфік накіруецца 12 студзеня 2015 г. з 8-дзённым візітам на Шры-Ланку і Філіпіны”, - паведамляе Радыё Ватыкана. Тры галоўныя матывы выбару гэтых краін у якасці мэты пілігрымкі Святога Айца адзначыў арганізатар папскіх падарожжаў Альберта Гасбары. Гэта – вельмі шырокая прысутнасць місіянераў, цяжкая спадчына канфліктаў і жаданне працягваць міжрэлігійны дыялог. Візіт на Філіпіны першапачаткова планаваўся на 2016 год, прызнаўся Гасбары, але быў паскораны па прычыне цяжкіх наступстваў ад тайфуна 2013 года і 10-годдзя магутнага цунамі. Святы Айцец пажадаў як мага хутчэй асабіста падтрымаць філіпінскі народ, і таму цэлы дзень, 17 студзеня, будзе прысвечаны ахвярам стыхійных бедстваў. Папа Францішак наведае пацярпелыя тэрыторыі і адкрые цэнтр дапамогі ахвярам, фінансаванне якога адбывалася са сродкаў Святога Пасаду.

Цікава, што ў Шры-Ланцы падчас спаткання з мясцовым епіскапатам не прадугледжана шырокай афіцыйнай цырымоніі і прамовы Святога Айца, біскупы пажадалі свабоднай размовы і дыскусіі з Францішкам. Адметным стане таксама і тое, што ўсе прамовы Папы падчас “азіяцкага” візіту прагучаць па-ангельску.

Падчас зваротнага шляху ў Рым самалёт з Пантыфікам на борце будзе пралятаць праз тэрыторыю Беларусі, таму плануецца, што Францішак накіруе прывітальную тэлеграму кіраўніцтву краіны. Трэба адзначыць, што ў 2014 годзе, падчас свайго пералёту ў Паўднёвую Карэю, Папа ўжо накіроўваў тэлеграму кіраўніцтву Рэспублікі Беларусь.


Беларускамоўная інфармацыйная рэдакцыя
"Папы Рымскі Францішак"

 
Наверх