*** Сябры! Шукаем рэдактараў і перакладчыкаў! Па ўсіх пытаннях звяртайцеся на pope-franciscum@yandex.by ***



Падчас урачыстай Эўхарыстыі ў Сікстынскай капэле 11 студзеня 2015 г., папа Францішак уздзяліў сакрамэнт хросту 33 немаўлятам. Паводле традыцыі, уведзенай св. Янам Паўлам ІІ, у свята Хросту Пана, Пантыфік хрысціць дзяцей супрацоўнікаў ватыканскіх устаноў. У сваёй гаміліі Святы Айцец заклікаў бацькоў і хросных дапамагаць ахрышчаным дзецям расці ў святле Божага слова і папрасіў аб малітве за шматлікіх маці ў розных частках свету, якія не маюць магчымасці накарміць уласных дачок і сыноў. “Памолімся за іх і паспрабуем ім дапамагчы”, сказаў Папа. Ён дадаў, што слова Божае, мае для душы такі самы эфект, як малако – для цела дзіцяці: “слова Божае дапамагае расці ў веры”. Асаблівую ўвагу Францішак звярнуў на важнасць перадачы веры. “Дарагія бацькі і хросныя, калі жадаеце, каб вашы дзеці сталі сапраўднымі хрысціянамі, дапамагайце ім расці “пагружанымі” у Святога Духа, гэта значыць у любоў Божую і святло Яго слова”, пажадаў ён.

Пантыфік заклікаў прысутных насіць з сабой заўсёды Евангелле і чытаць яго. “Важным з’яўляецца добры прыклад, які можаце даць – прыклад бацькоў, хросных, дзядзькаў, якія чытаюць Евангелле”, сказаў ён. Папа заклікаў таксама штодзённа звяртацца да Святога Духа. “Звычайна мы молімся да Езуса. Калі кажам “Ойча наш” – звяртаемся да Айца. Але, да Святога Духа молімся не часта”, заўважыў Францішак. На яго думку, вельмі важна маліцца да Святога Духа, каб Ён навучыў добраму сямейнаму жыццю і каб дзеці раслі ў атмасферы Святой Тройцы.

Крыніца: Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё


Фотаальбом: vk.cc/3m08w9
 
 
Наверх