*** Сябры! Шукаем рэдактараў і перакладчыкаў! Па ўсіх пытаннях звяртайцеся на pope-franciscum@yandex.by ***



22 лютага 2015 г. пачнуцца велікапостныя духоўныя практыкаванні ў якіх прыме ўдзел папа Францішак разам з супрацоўнікамі Рымскай курыі. Каля 16.00 па рымскім часе яны адправяцца на аўтобусе ў невялікае мястэчка Арыча, у 30 км ад італьянскай сталіцы, дзе правядуць бліжэйшыя пяць дзён у цішыні, малітве і разважанні над Божым Словам. Сёлетнія велікапостныя практыкаванні прысвечаны душпастырскім тэмам у святле біблійнага апавядання пра прарока Іллю. Іх будзе праводзіць італьянскі кармеліт Бруна Сэкандзін, які з’яўляецца аўтарам папулярнай на Апенінах духоўнай літаратуры. У сваіх медытацыях ён засяродзіцца на важнасці разумення каранёў веры і адмаўлення ад двухсэнсоўнасці, прадставіць розніцу паміж марнымі ідаламі і сапраўднай пабожнасцю, распавядзе пра тое, што значыць быць сведкамі справядлівасці і салідарнасці і прарокамі братэрства. Акрамя медытацый, у праграме духоўных практыкаванняў, штодзённая Эўхарыстыя, малітва і адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту.

У час рэкалецый, як звычайна, не будуць праходзіць папскія аўдыенцыі.

Крыніца: Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё
 
Наверх