*** Сябры! Шукаем рэдактараў і перакладчыкаў! Па ўсіх пытаннях звяртайцеся на pope-franciscum@yandex.by ***

 
Дазволіць Хрысту “прыбраць” у сэрцах і выгнаць разнастайных ідалаў, якія знайшлі ў нас сваё прыстанішча, заклікаў Пантыфік 8 сакавіка 2015 г. падчас сваіх разважанняў перад малітвай “Анёл Панскі”. “Сённяшняе Евангелле гаворыць нам пра выгнанне гандляроў са святыні. - нагадаў Папа - “Езус зрабіў бізун з вяровак і павыганяў усіх са святыні, а таксама авечак і валоў” (Ян 2, 15), грошы, усё. Гэты акт выклікаў моцнае ўражанне ў людзей і вучняў. Вядома, ён уявіўся як прароцкі жэст настолькі, што некаторыя з прысутных спыталіся ў Езуса: “Які знак пакажаш нам, што можаш гэтак рабіць?” (в. 18), хто ты, каб рабіць такія рэчы; пакажы нам нейкі знак, што маеш права рабіць гэта. Яны жадалі Божага знаку, цудоўнага, які б пацвердзіў Езуса ў якасці Божага пасланца. І сказаў ім: “Зруйнуйце святыню гэтую, і Я за тры дні ўзнясу яе” (в. 19). Яны адказалі яму: “Гэтая святыня будавалася сорак шэсць гадоў, а Ты ўзнясеш яе за тры дні?” (в. 20). Яны не зразумелі, што Пан казаў аб жывой святыні цела свайго, якая будзе знішчана падчас смерці на крыжы, але ўваскрэсне на трэці дзень – адсюль гэтыя тры дні. Евангеліст кажа: “І калі Ён уваскрос з мёртвых, то вучні Ягоныя ўспомнілі, што Ён казаў гэта, і паверылі Пісанню і слову, якое казаў Езус” (в. 22).
 
На самой справе, гэты паступак Езуса і Яго прарочае пасланне могуць быць цалкам зразуметы ў святле Пасхі. Па словах св. Яна, мы маем тут першую аб’яву смерці і ўваскрасення Хрыста: Яго цела, знішчанае на крыжы ў выніку гвалту граху, ва ўваскрасенні становіцца месцам усеагульнай сустрэчы паміж Богам і людзьмі. Гэта ўваскрослы Хрыстус з’яўляецца месцам паўсюднага спаткання ўсіх, паміж Богам і людзьмі. Па гэтай прычыне, Яго чалавецтва з’яўляецца праўдзівай святыняй, у якой Бог аб’яўляе сябе, размаўляе, дазваляе сустрэцца. А сапраўдныя слугі Бога з’яўляюцца не захавальнікамі святыні матэрыяльнай, тымі, хто мае ўладу і рэлігійныя веды, але асобамі, якія ўшаноўваюць Бога “у духу і праўдзе” (Ян 4, 23).
У гэты час Вялікага посту мы рыхтуемся да святкавання Вялікадня, калі адновім абяцанні нашага хросту. Мы ідзем па свеце, як Езус, і робім усёй нашай істотай знак Яго любові да нашых братоў, асабліва слабых і бедных, мы будуем Божую святыню ў нашым жыцці. Такім чынам, мы дапамагаем шматлікім людзям, з якімі сутыкаемся на нашым шляху, сустрэцца з Ім. Калі мы – сведкі Хрыста жывога, многія людзі сустрэнуцца з Езусам у нас, у нашым сведчанні. Але – спытаем сябе, і кожны з нас можа задаць сабе пытанне – ці Пан сапраўды адчувае сябе ў нашым жыцці дома? Ці мы дазваляем Яму “прыбраць” у нашым сэрцы і выгнаць адтуль ідалаў: юрлівасць, зайздрасць, рэўнасць, мірскі падыход, нянавісць, варожасць, плёткі і ліхаслоўе адносна іншых. Ці мы дазваляем Яму “прыбраць” усе паводзіны супраць Бога, нашага бліжняга і сябе, аб якіх мы пачулі сёння ў першым чытанні? Кожны можа адказаць сабе сам, у цішыні свайго сэрца. Ці я дазваляю, каб Езус крыху “прыбраў” у маім сэрцы? Ці, можа, - ойча, я баюся, што мяне паб’е! Але Езус ніколі не б’е. Ён “прыбярэ” асцярожна, з міласэрнасцю, з любоўю. Міласэрнасць – гэта Яго спосаб навядзення парадку. Няхай кожны з нас дазволіць, каб Пан увайшоў са сваёй міласэрнасцю, а не бізуном, каб зрабіць парадак у нашых сэрцах. Бізун Езуса для нас – гэта Яго міласэрнасць. Давайце адкрыем дзверы для Яго, каб Ён там крыху “прыбраў”.

Кожная Эўхарыстыя, якую мы цэлебруем з верай, дапамагае нам расці ў якасці жывой святыні Пана, праз камунію з Яго Целам, укрыжаваным і ўваскрослым. Езус ведае, што ёсць у кожным з нас, і ведае таксама наша самае пякучае жаданне: каб у нас жыў толькі Ён. Дазволім жа Яму ўвайсці ў наша жыццё, у нашы сем’і, у нашы сэрцы. Няхай Найсвяцейшая Панна Марыя, прывілеяванае жытло Сына Божага, суправаджае і падтрымлівае нас на велікапосным шляху, каб мы маглі нанова адкрыць для сябе прыгажосць сустрэчы з Хрыстом, Які з’яўляецца адзіным, хто нас вызваляе і збаўляе”, - сказаў Папа.

Францішак заклікаў вернікаў падчас Вялікага посту быць бліжэй да людзей, якія праходзяць праз цяжкія моманты жыцця.

 Крыніца: Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё
 
Наверх