*** Сябры! Шукаем рэдактараў і перакладчыкаў! Па ўсіх пытаннях звяртайцеся на pope-franciscum@yandex.by ***

0
Прытворная святасць была адной з тэмаў гаміліі Святога Айца 3 сакавіка 2015 г. падчас ранішняй Эўхарастыі ў Ватыкане. Існуюць “прытворныя святыя”, якія нават перад Небам турбуюцца пра тое, каб выглядаць лепш, чым з’яўляюцца на самой справе, адзначыў Пантыфік. Такім асобам ён супрацьпаставіў грэшнікаў, якія нават калі адзначыліся злом, навучыліся рабіць яшчэ большае дабро. На думку Папы, няма сумніваў, каму з іх Бог аддае перавагу.

“Перастаньце чыніць зло, навучыцеся рабіць дабро”, – гэтыя словы прарока Ісаі, якія прагучалі падчас літургіі, з’яўляюцца сапраўдным імператывам і заклікам, што паходзіць непасрэдна ад Бога і тычыцца неабходнасці навяртання, перакананы Святы Айцец.

Навучыцца рабіць дабро, на яго думку, фундаментальна важна для навяртання, таму што “нячыстасць сэрца” немагчыма змыць як пляму на вопратцы. Яна змываецца ўчынкамі: калі чалавек пачынае ісці шляхам дабра. “Шукайце правасуддзя, дапамагайце прыгнечанаму, абараняйце сірату, заступайцеся за ўдаву”, - працытаваў Папа словы з кнігі прарока Ісаі. Ён патлумачыў, што ў старажытным Ізраілі сіроты і ўдовы былі самымі патрабуючымі. Такім чынам, навяртанне прадугледжвае менавіта клопат пра самых бедных. “І так робячы дабро, ты адмыеш сваё сэрца”, - сказаў Францішак.

Святы Айцец перакананы, што Бог не лічыць грахоў тых, хто па-сапраўднаму любіць сваіх бліжніх. Нават “калі грахі вашыя будуць як чырвань, збялеюць як снег”, – гэта на думку Папы метафара, але праўда. Ён нагадаў, што прабачэнне Божае не мае межаў і, каб атрымаць гэты дар, трэба ўстаць на шлях дабра.

Папа адзначыў, што “Езус тысячу разоў аддаваў перавагу грэшнікам” перад “прытворнымі святымі”. Грэшнікі казалі праўду пра сябе, што было немагчымым для крывадушнікаў. “Адыдзі ад мяне, Пане, бо я чалавек грэшны”, усклікаў св. Пётр. Такіх словаў, на думку Францішка, ніколі не пачуеш ад “прытворных святых”. Напрыканцы гаміліі Пантыфік заклікаў вернікаў паразважаць аб закліку да навяртання, дары прабачэння і пастцы прытворнага навяртання.

Крыніца: Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё

Prześlij komentarz Blogger

 
Наверх