*** Сябры! Шукаем рэдактараў і перакладчыкаў! Па ўсіх пытаннях звяртайцеся на pope-franciscum@yandex.by ***

0
Марнасць зацямняе вочы душы, робячы няздольнымі заўважаць бедных, якія жывуць побач з намі, адзначыў папа Францішак 5 сакавіка 2015 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. У сваёй гаміліі Святы Айцец пракаментаваў евангельскую прыпавесць пра “багатага чалавека, які апранаўся ў парфіру і тонкае палатно і кожны дзень цудоўна банкетаваў”, не звяртаючы ўвагі на жабрака, што ляжаў каля яго брамы. Пантыфік падкрэсліў, што Евангелле не называе гэтага чалавека кепскім. Магчыма, ён нават быў па-свойму рэлігійны. Ён мог час ад часу маліцца, два-тры разы ў год наведваць святыню, каб скаладаць вялікія ахвяраванні. Але, акрамя ўсяго гэтага, ён не звяртаў увагі на жабрака Лазара – галоднага і пакрытага ранамі. Францішак правёў паралель з сучаснасцю і параўнаў такі стан з зацямнённымі вокнамі аўтамабіля, якія дазваляюць схаваць са свайго зроку тых, хто знаходзіцца побач.

Паводле Святога Айца, багаты чалавек быў хворым на марнасць. “А марнасць змяняе душы, прыводзіць да страты пачуцця рэчаіснасці. Такія асобы жывуць у штучным свеце, створаным самімі сабой. Марнасць робіць неадчувальнымі душы. І таму гэты чалавек быў няздольны бачыць рэальнасць”, - сказаў Папа. Рэчаіснасцю, удакладніў ён, з’яўляецца вялікая колькасць бедных.

“Ёсць шмат людзей, якія вядуць цяжкае, складанае жыццё. Але, калі ў мяне марнае сэрца – я не зразумею гэтага. З марным сэрцам немагчыма зразумець патрэбы іншых. З марным сэрцам можна ісці ў касцёл, можна маліцца, можна рабіць шмат розных справаў. Але аб чым прасіў Езус падчас Апошняй Вячэры? “Ойча захавай гэтых вучняў ад духа гэтага свету, ад марнасці”, - нагадаў Папа. Ён перакананы, што марнасць большая за грэх – гэта грахоўны стан душы.

Францішак заўважыў, што душа багатага чалавека з евангельскай прыпавесці была пустой і самотнай, таму што марныя асобы, гэта людзі “адзінокія ў сваім эгаізме”. Марнасць цяжка лечыцца, таму што людзі, ахопленыя ёй, прызвычайваюцца да такога стылю жыцця, лічыць Папа. Але, акрамя ўсяго гэтага, марныя асобы губляюць сваю тоеснасць. Евангелле не называе імя багатага чалавека, у адрозненні ад жабрака Лазара. “Яны з’яўляюцца толькі заможнай масай, якая ні ў чым не мае патрабы”, - сказаў Францішак і нагадаў, што кожны хрысціянін, нават хворы на марнасць, мае Айца, Які заўсёды чакае яго.

Крыніца: Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё

Prześlij komentarz Blogger

 
Наверх