*** Сябры! Шукаем рэдактараў і перакладчыкаў! Па ўсіх пытаннях звяртайцеся на pope-franciscum@yandex.by ***


Судзіць іншых – вельмі проста, але развівацца ў хрысціянскім жыцці могуць толькі тыя, хто здольны крытычна глядзець на сябе самога, лічыць папа Францішак. Падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане 2 сакавіка 2015 г. Пантыфік нагадаў, што ўсе людзі з’яўляюцца грэшнікамі не ў тэорыі, але ў рэальнасці. Таму першым крокам тых, хто жадае быць сапраўднымі хрысціянамі, з’яўляецца менавіта прызнанне гэтай уласнай грахоўнасці. Іншымі словамі, гаворка ідзе пра “здольнасць абвінавачваць саміх сябе”, сказаў Папа.

Святы Айцец заўважыў, што ў асуджэнні іншых людзей, “мы ўсе з’яўляемся майстрамі і настаўнікамі”, але калі справа тычыцца нас саміх – “усе маем алібі”, усе ўмеем знаходзіць апраўданні ўласным слабасцям, недахопам, правінам і рабіць нявінны выгляд. Але важна зазірнуць унутр уласнага сэрца і ўбачыць свае недахопы і наступствы, якія ад іх могуць быць.

Праходзячы побач з турмой і думаючы пра зняволеных важна не казаць сябе: “яны гэтага заслугоўваюць”, але паразважаць, на якія б злачынствы мы былі здольныя самі, калі б не ласка Божая, прапанаваў Папа. Абвінавачваць іншых – вельмі проста, але важна быць здольным крытычна глядзець на саміх сябе. Без гэтага першага кроку, на думку Святога Айца, “нельга прайсці наперад ў хрысціянскім, духоўным жыцці”.

Іншай важнай цнотай, на якую звярнуў увагу Францішак у сваёй гаміліі, была здольнасць сароміцца перад Богам: прызнаваць сорам уласнага граху і веліч міласэрнасці Бога ў пэўнага кшталту дыялогу з Ім. Папа заклікаў вернікаў на працягу Вялікага посту асаблівым чынам прасіць Бога аб міласэрнасці і навучыцца крытычна глядзець на саміх сябе.

Калі нехта вучыцца абвінавачваць самога сябе – становіцца міласэрным да іншых: “Хто я такі, каб асуджаць яго, калі сам здольны на яшчэ горшыя рэчы?”, перакананы Пантыфік. 

Крыніца: Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё
 
Наверх