*** Сябры! Шукаем рэдактараў і перакладчыкаў! Па ўсіх пытаннях звяртайцеся на pope-franciscum@yandex.by ***

0
2 красавіка 2015 г. у ватыканскай базыліцы Францішак узначаліў св. Імшу Хрызму, падчас якой прамовіў доўгую гамілію, цэнтральнай тэмай якой была святарская стомленасць і спосабы яе пераадолення. Пан турбуецца пра тое, каб дапамагчы святарам, бо ведае, што іх заданне – намашчаць верны народ – цяжкое; яно выклікае стому і абцяжаранасць, заўважыў Пантыфік.

“Стомленнасць святароў! Ведаеце, колькі разоў я думаю аб ёй: аб стомленасці ўсіх нас. Я думаю аб нас часта і пастаянна малюся, асабліва калі бываю стомлены сам. Малюся за вас, якія працуеце сярод вернага народу Божага, які быў вам давераны ў шматлікіх месцах, вельмі пакінутых і небяспечных. І наша стомленасць, дарагія святары, падобна на ладан, які ціха ўздымаецца ў Неба. Наша стомленнасць сягае прама ў сэрца Айца”, - адзначыў Пантыфік.

Папа заўважыў, што нярэдка ў святароў узнікае спакуса адпачываць так, нібыта адпачынак – гэта не Божая справа. Але плённасць іх працы залежыць менавіта ад формы іх адпачынку. Каб навучыцца адпачываць добра, святарам трэба памятаць, што яны і самі з’яўляюцца авечкамі, перакананы ён.

“Нам могуць дапамагчы некаторыя пытанні ў сувязі з гэтым. Ці ўмею я адпачываць прымаючы любоў, бескарыслівасць і сардэчнасць, якой мяне адарае верны народ Божы? Або пасля пастырскай працы шукаю больш вытанчанага адпачынку – не адпачынку бедных людзей, а таго, які прапануе спажывецкае грамадства? Ці Святы Дух сапраўды з’яўляецца для мяне “адпачынкам у працы”, ці толькі Тым, які прымушае працаваць? Ці ўмею прасіць дапамогі ў мудрых святароў? Ці здольны адпачываць ад самога сябе, ад сваіх патрабаванняў да сябе, самазадаволенасці, заклапочанасці самім сабой?”, - сказаў Папа.

Жыццё святароў – складанае. Іх сэрца напоўнена праблемамі, пакутамі і радасцямі вернікаў. Здаецца нават, што яно спажываецца імі, паводле словаў Хрыста: бярыце і ешце, бярыце і піце.

Францішак пахіліўся над рознымі прычымі святарскай стомленасці. Першая з іх – пастаянная прысутнасць сярод людзей. “Народ Божы не пакідае нас без непасрэднай працы, калі толькі не хаваемся ў сваім офісе і не перамяшчаемся па горадзе з зацямнёнымі вокнамі. Гэта стомленнасць добрая, здаровая. Гэта стомленасць святара, які пахне сваімі авечкамі, але які з усмешкай бацькі сузірае сваіх дзяцей ці ўнукаў. Нічога супольнага з тымі, хто знаёмы з дарагімі араматамі і глядзіць на цябе здалёк і звышыні. Мы – сябры Жаніха і ў гэтым наша радасць. Калі Езус пасвіць сваіх авечак сярод нас – не можам быць пастырамі з поснымі тварамі, наракаючымі, або – яшчэ горш – засмучанымі пастырамі. Запах авечак і усмешка бацькаў... ”, - сказаў Папа.

Іншай прычынай святарскай стомленасці Святы Айцец назваў дзейнасць злога, якія заўсёды спрабуе знічшыць тое, што было з цяжкасцю пабудавана. Францішак заклікаў святароў, не лічыць сябе “супермэнамі”, прэтэндуючымі абараніць тое, што толькі Пан павінен бараніць, але шукаць адпачынку ў даверы Богу.

Самая небяспечная стомленасць, на думку Папы, выклікаецца засяроджанасцю на саміх сябе. Яна нараджаецца з ілюзорнага жадання лічыць сябе кімсьці, кім святар не з’яўляецца. Францішак параўнаў такую стому з “фліртаваннем з духоўнасцю гэтага часу”. Гэта – кепская стомленасць, адпачынак ад якой можа даць толькі адзін сродак – любоў. “Тое, чаго не любіш – стамляе, а ў доўгатэрміновай перспектыве – стамляе кепска”, - сказаў ён.

На заканчэнне гаміліі Святы Айцец нагадаў святарам, што сам Езус абмывае ім ногі, каб адчувалі, што маюць права быць радаснымі, напоўненымі, без страху і пачуцця віны. Дзякуючы гэтаму могуць мець адвагу ісці на край свету і ўсе перыферыі, каб несці добрую навіну самым пакінутым.

Крыніца: Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё

Prześlij komentarz Blogger

 
Наверх