*** Сябры! Шукаем рэдактараў і перакладчыкаў! Па ўсіх пытаннях звяртайцеся на pope-franciscum@yandex.by ***

0
3 красавіка 2015 г. у ватыканскай базыліцы прайшла літургія Мукі Пана, якую ўзначаліў папа Францішак. Па традыцыі казанне прамовіў прапаведнік Папскага дома айцец Раньера Канталамеса, які пахіліўся над евангельскім фрагменце аб судзе Езуса Понціем Пілатам: “Тады Пілат узяў Езуса і аддаў на бічаванне. А жаўнеры, сплёўшы вянок з церняў, усклалі Яму на галаву і апранулі Яго ў пурпуровы плашч. І падыходзілі да Яго, і казалі: “Вітай, кароль Юдэйскі!” І білі Яго па твары. (...) І выйшаў Езус у цярновым вянку і пурпуровым плашчы. І сказаў ім Пілат: “Вось чалавек!” (Ян 19, 1-5).

На думку папскага прапаведніка, у гэты момант Езус, даведзены да поўнай немачы, стаў прататыпам усіх зняволеных. Айцец Канталамеса заклікаў вернікаў задумацца на гэты раз не над сацыяльнымі праблемамі голада, беднасці, няроўнасці, эксплуатацыі, а над пакутамі канкрэтных людзей, якія падвяргаюцца катаванням. Колькі зняволеных знаходзіцца ў тых жа ўмовах, у якіх быў Езус у прэторыі Пілата: самотныя, у кайданах, ва ўладзе грубых і поўных нянавісці вайскоўцаў, якія забаўляюцца, прычыняючы ім фізічныя і псіхалагічныя пакуты! Выкрык “Вось чалавек!” добра дапасоўваецца не толькі да ахвяр, але і да катаў, лічыць а. Канталамеса. Ён можа азначаць: “Вось на што здольны чалавек! ”

Трывожная абыякавасць міжнародных арганізацый і грамадскай думкі нагадвае аб мінулым. Установы і людзі заходняга свету, рызыкуюць ператварыцца ў “пілатаў”, якія абмываюць рукі. Хрысціяне – не адзіныя ахвяры насілля, але ў многіх краінах – найбольш частыя ахвяры. Словы Езуса вучням: “Прыходзіць час, калі кожны, хто заб’е вас, будзе думаць, што здзяйсняе пакланенне Богу.” (Ян 16, 2) – актуальныя і ў нашы дні.

Айцец Канталамеса заклікаў памятаць, што Езус паміраў кажучы: “Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць” (Лк 23, 34), даўшы сваім вучням і паслядоўнікам прыклад бясконцай шчодрасці і міласэрнасці.

Нехта можа падумаць, што ісці за Хрыстом – значыць пасіўна прыняць паразу і смерць. Наадварот! Езус кажа вучням перад укрыжаваннем: “Будзьце адважнымі. Я перамог свет” (Ян 16, 33). З таго дня зло церпіць паразу нават тады, калі здаецца, што яно святкуе трыумф, лічыць а. Канталамеса.

Езус перамог насілле, не супрацьпастаўляючы яму яшчэ больш вялікае насілле, а падвяргаючыся яму і паказваючы ўсю яго несправядлівасць. На Кальварыі Хрыстус сказаў насіллю канчатковае “не”, супрацьпаставіўшы яму прабачэнне, лагоднасць і любоў. З тых часоў насілле не можа нават аддалена спасылацца на Бога. Гэта азначала б рэгрэс ідэі Бога да прымітыўнай і грубай стадыі, якую рэлігійная і грамадзянская свядомасць чалавецтва ўжо пераадолела. Сапраўдныя мучанікі Хрыста паміраюць не са сціснутымі кулакамі, а са складзенымі ў малітве рукамі. Нядаўні прыклад таму – смерць копцкіх хрысціянаў у Лівіі, якія загінулі ад рук тэрарыстаў з імем Хрыста на вуснах, нагадаў папскі прапаведнік.

Крыніца: Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё

Prześlij komentarz Blogger

 
Наверх