*** Сябры! Шукаем рэдактараў і перакладчыкаў! Па ўсіх пытаннях звяртайцеся на pope-franciscum@yandex.by ***

0

Святы Айцец скіраваў пасланне на 52-гі Сусветны дзень малітвы аб пакліканнях. Ён адзначаецца ў Касцёле па традыцыі ў ІV Велікодную нядзелю, якая прыпадае сёлета на 26 красавіка. “Выхад – фундаментальны досвед паклікання” – такі загаловак носіць дакумент. Францішак нагадаў, што Касцёл з’яўляецца “місійным па сваёй прыродзе”, а “хрысціянскае пакліканне можа ўзнікнуць толькі ў досведзе місіі”. “Прысвячэнне свайго жыцця ў гэтай місійнай паставе магчыма толькі тады, калі мы ў стане выйсці з саміх сябе”, - падкрэсліў ён і ўдакладніў, што гаворка ідзе пра адмысловы “выхад”, а менавіта пра “наш адказ на пакліканне, якое Бог нам дае”. Папа нагадаў гісторыю збаўлення, якая заўсёды ўключала ў сябе выхад з няволі да свабоды, з “рабства старога чалавека да новага жыцця ў Хрысце”.

У цэнтры кожнага хрысціянскага паклікання стаіць вопыт веры, нагадаў Францішак. Верыць – значыць адмовіцца ад сябе, ад камфорту і бескампраміснасці ўласнага “я”, каб засяродзіць жыццё на Езусе Хрысце. Досвед выхаду – гэта ўвогуле мадэль хрысціянскага жыцця, лічыць Папа, асабліва для тых, хто пакліканы да святарства і законнага жыцця. “Адказаць на заклік Бога – гэта дазволіць Яму вывесці нас з нашай ілжывай стабільнасці” на шлях да Езуса Хрыста. Прычым, выхад у бок Збаўцы – гэта таксама “шлях да поўнага разумення чалавека і чалавечага і грамадскага развіцця ў гісторыі”. Менавіта таму хрысціянскае пакліканне “стымулюе адначасова да салідарных дзенняў па вызваленні братоў, асабліва самых бедных”.

У сваім пасланні Святы Айцец звярнуўся да маладога пакалення, якое часта перажывае “нявызначанасць і асцярогі ў абліччы будучыні”. Прэсінг штодзённасці можа “пагражаць паралічом матываў, падаўленнем мараў да такой ступені, што маладыя людзі гатовы думаць, што не варта намагацца і што Бог веры абмяжуе іх свабоду”, заўважыў ён. Пантыфік заклікаў моладзь не баяцца выходзіць “з уласных абмежаванняў” і даць Богу магчымасць здзівіць сваім пакліканнем. Гэта рэцэпт “больш насычанага і радаснага” жыцця.

У заканчэнні паслання гучыць заклік да Панны Марыі, якая не пабаялася сказаць сваё “так” Богу, суправаджаць маладых людзей на шляху іх паклікання.

Крыніца: Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё

Prześlij komentarz Blogger

 
Наверх