*** Сябры! Шукаем рэдактараў і перакладчыкаў! Па ўсіх пытаннях звяртайцеся на pope-franciscum@yandex.by ***

0
Увайсці ў таямніцу смерці і ўваскрасення Езуса заклікаў папа Францішак падчас літургіі Паcхальнай вігіліі, якую ўзначаліў у базыліцы св. Пятра вечарам 4 красавіка 2015 г. Падчас яе Пантыфік удзяліў сакрамэнт хросту дзесяці асобам з Італіі, Албаніі, Кеніі, Камбоджы і Партугаліі. У сваёй гаміліі ён паставіў у прыклад евангельскіх жанчын, якія пасля ночы чування і малітвы, выйшлі са сваіх дамоў і накіраваліся насустрач вялікай пасхальнай Таямніцы.

“Жанчыны былі першымі, хто ўвайшоў у магілу і ўбачыў вялікі знак: яна была пустая. “Увайсці ў магілу”. Было б добра, у гэту ноч чування, спыніцца і паразважаць над досведам гэтых вучаніц Езуса, які тычыцца таксама і нас. Для гэтага, па сутнасці, мы тут і знаходзімся: каб увайсці ў Таямніцу, якую Бог учыніў сваім чуваннем любові. Нельга жыць Пасхай не ўваходзячы ў таямніцу. Яна з’яўляецца не інтэлектуальным фактам. Аб ім не дастаткова толькі ведаць, чытаць. Гэта большае, нашмат большае”, - сказаў Папа.

Паводле Францішка, “увайсці ў таямніцу” азначае стаць здольным здзіўляцца, сузіраць, слухаць і адчуваць голас гучнага маўчання, якім Бог прамаўляе да людзей.

“Увайсці ў таямніцу азначае ісці супраць зручных бяспекаў, супраць ляноты і абыякавасці, якія нас спыняюць, станавіцца на шлях пошуку праўды, прыгажосці і любові, шукаць глыбокі сэнс, не банальныя адказы на пытанні, якія ставяць у тупік нашу веру, вернасць і розум. Каб увайсці ў таямніцу патрэбна пакора, пакорная здольнасць прынізіцца, сыйсці з п’едэсталу нашага вельмі пыхлівага “я”, нашай саманадзейнасці; пакорная здольнасць паглядзець на сябе па іншаму, прызнаючы тое, кім на самой справе з’яўляемся: стварэннямі, са слабасцямі і дэфектамі, грэшнікамі, якія патрабуюць прабачэння. Каб увайсці ў таямніцу трэба такое прыніжэнне, якое з’яўляецца бессіллем, адмаўленнем ад ўласных ідалаў... адарацыя. Без адарацыі немагчыма ўвайсці ў таямніцу”, - сказаў Папа.

Усяму гэтаму навучаюць вучаніцы Езуса. Яны чувалі на працягу ўсёй ночы, як і Марыя. "Навучымся ад іх чуванню з Богам і Марыяй, нашай Маці, каб увайсці ў Таямніцу, якая вядзе са смерці да жыцця”, - заклікаў Святы Айцец.

Крыніца: Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё


Фотаматэрыялы можна адшукаць тут >>>

Prześlij komentarz Blogger

 
Наверх