*** Сябры! Шукаем рэдактараў і перакладчыкаў! Па ўсіх пытаннях звяртайцеся на pope-franciscum@yandex.by ***

0
Пантыфік прыняў 11 красавіка 2015 г. у Ватыкане групу ўдзельнікаў міжнароднага кангрэсу для законнікаў, задзенічаных у працэсе фармацыі. Ён праходзіў у Рыме з 7 красавіка ў рамках Году кансэкраванага жыцця. Папа нагадаў пра адказнасць выхавальнікаў за новыя пакаленні законнікаў, якія павінны стаць “героямі будучыні, натхнёнай надзеяй”. Ён нагадаў, што ў свеце назіраецца крызіс пакліканняў, у тым ліку і да манаскага жыцця, што робіць задачу адказных за фармацыю ў законах “яшчэ больш актуальнай”. Ніякага крызісу не будзе там, дзе ёсць законнікі, якія праз сваё ўласнае сведчанне ў стане перадаць прыгажосць кансэкраванага жыцця, перакананы Святы Айцец. “Гэта ваша служэнне і ваша місія”, - звярнуўся ён да ўдзельнікаў форуму і нагадаў, што яны не толькі “настаўнікі”, але, у першую чаргу, сведкі.

Кансэкраванае жыццё – гэта “адзін з самых каштоўных скарбаў Касцёла”, у аснове якога ляжыць пакліканне, атрыманае падчас хросту, лічыць Пантыфік. Ён звярнуў увагу, што абвяшчэнне Добрай Навіны патрабуе ад законніка “трывалай асновы і хрысціянскай структуры асобы”, што сёння сям’я можа даць рэдка. І гэта павялічвае адказнасць выхавальнікаў, якія павінны стаць для тых, хто робіць першыя крокі ў законным жыцці, “не толькі сябрамі і паплечнікамі”, але і “сапраўднымі бацькамі, сапраўднымі маці, якія вымагаюць ад іх і даюць ім максімум”, адзначыў Пантыфік. Ён звярнуў увагу на больш сур’ёзны, чым крызіс колькасці, крызіс якасці пакліканняў, якога не можна дапусціць.

Папа падзякаваў законным выхавальнікам за іх прыцу і папрасіў не хвалявацца, калі вынікі не заўсёды адпавядаюць чаканням, бо нават няўдачы могуць спрыяць дасягненню мэты.

Крыніца: Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё

Prześlij komentarz Blogger

 
Наверх