*** Сябры! Шукаем рэдактараў і перакладчыкаў! Па ўсіх пытаннях звяртайцеся на pope-franciscum@yandex.by ***

0
Дарагія браты і сёстры!

Ад усяго сэрца віншуем вас з радаснай і збаўчай урачыстасцю Уваскрасення Хрыста! Віншуем таксама вернікаў іншых хрысціянскіх супольнасцяў, якія разам з намі адзначаюць гэтае свята святаў. Віншуем праваслаўных братоў і сясцёр, якія духоўна рыхтуюцца перажыць пасхальныя ўрачыстасці, што будуць адзначаць праз тыдзень. Праўда ўваскрасення Хрыста адна для ўсіх хрысціянаў, і яна кліча нас быць аб’яднанымі, асабліва ў справе абароны хрысціянскіх каштоўнасцяў.


Сёння мы ўсе спяшаемся ў нашыя прыгожа аздобленыя святыні, каб пад велічны перазвон званоў і ўзнёслы спеў «Хвала на вышынях Богу» святкаваць урачыстасць, якая з’яўляецца падмуркам нашае веры. Яшчэ святы Павел сказаў, што «калі Хрыстус не ўваскрос, дык марнае і прапаведаванне нашае, і вера наша марная» (1 Кар 15, 14). А пра тое, што і наша вера, і абвяшчэнне Евангелля — гэта не пустыя словы, найлепш сведчыць сама гісторыя хрысціянства.


Уваскрослы Хрыстус праз служэнне Касцёла прыходзіць да нас і сілаю любові і ласкі яднае нашае жыццё са сваім і нас паміж сабою. Напачатку гэта ўсё можа здавацца толькі прыгожаю тэорыяй, мала звязанаю з рэальнасцю. Але калі мы сапраўды будзем жыць абавязкамі, ускладзенымі на нас сакрамэнтам хросту, то пачнем адчуваць жыццёвую праўду гэтых словаў. Ахрышчаныя вернікі, якія жывуць праўдаю Уваскрасення, ужо больш не чужыя паміж сабою, бо іх яднае Езус Хрыстус.


Няхай гэтае свята, як свята трыумфу жыцця, прынясе больш радасці ў нашае жыццё, зробіць яго больш шчаслівым і ўмацуе надзею.

З любоўю і шчырай усмешкай,
рэдакцыя парталу “УКасцёле” і  

Беларускамоўнай інфармацыйнай рэдакцыі “Папа Рымскі Францішак"

Prześlij komentarz Blogger

 
Наверх