*** Сябры! Шукаем рэдактараў і перакладчыкаў! Па ўсіх пытаннях звяртайцеся на pope-franciscum@yandex.by ***

0
У суботу 19 верасня 2015 г. папа Францішак пачне свой 10-ы замежны візіт, паведаміла Зала Друку Апостальскай Сталіцы. Да 22 верасня Святы Айцец прабудзе на Кубе, адкуль адправіцца ў ЗША, 25 верасня ён наведае Арганізацыю Аб'яднаных Нацый. Яго вяртанне ў Рым адбудзецца 28 верасня.

Пантыфік адправіцца на самалёце кампаніі "Alitalia" з Рыма 19 верасня раніцай і прыбудзе ў аэрапорт „José Marti” у Гаване ў 16.00 па мясцовым часе. Там адбудзецца афіцыйная цырымонія прывітання. У нядзелю, 20 верасня ён узначаліць св. Імшу на плошчы Рэвалюцыі ў Гаване. Пасля якой наведае Прэзідэнцкі палац. Вечарам Святы Айцец прыме ўдзел у Нешпарах са святарамі і семінарыстамі ў архікатэдральным касцёле сталіцы і наведае мясцовы моладзевы цэнтр.

У панядзелак, 21 верасня, самалёт з Пантыфікам на борце прызямліцца раніцай у горадзе Ольгін, дзе на плошчы Рэвалюцыі ён узначаліць Эўхарыстыю і благаславіць горад з пагорка Крыжа (Loma de la Cruz). У той жа дзень Францішак адправіцца ў Сант’яга-дэ-Куба, дзе адразу па прылёце вечарам сустрэнецца з кубінскімі біскупамі ў мясцовай духоўнай семінарыі. Дзень Папы скончыцца малітвай у санктуарыі Маці Божай Міласэрнасці дэль-Кобрэ.

У аўторак, 22 верасня, Пантыфіка чакае св. Імша ў тым жа санктуарыі, а таксама сустрэча ў мясцовай катэдры з сем'ямі. Апоўдні ён благаславіць горад і адправіцца ў Вашынгтон, дзе яго прыбыццё чакаецца ў 16.00. Там адбудзецца афіцыйная цырымонія прывітання.

Серада, 23 верасня, пачнецца з візіту ў Белы дом. Каля поўдня Папа сустрэнецца ў архікатэдры з біскупамі ЗША, а пад вечар у нацыянальным санктуарыі Беззаганнага Зачацця распачнецца св. Імша, на працягу якой да ліку святых будзе далучаны айцец Хуніпер Сьера.

У чацвер, 24 верасня, раніцай Святы Айцец прыбудзе ў Кангрэс ЗША, дзе выступіць з прамовай. Каля поўдня запланаваны яго візіт у дабрачынным цэнтры св. Патрыка і сустрэча з бяздомнымі. У 16.00 "Боінг" амерыканскіх авіяліній з Францішкам на борце адправіцца ў Нью-Ёрк, дзе вечарам Папа прыме ўдзел у Нешпарах са святарамі і кансэкраванымі асобамі ў мясцовай архікатэдры.

У пятніцу, 25 верасня Святы Айцец адправіцца ў штаб-кватэру Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, дзе выступіць з прамовай. Каля поўдня ён прыме ўдзел у міжрэлігійнай сустрэчы на так званай "Ground Zero" - дзе да 11 верасня 2001 г. стаяў Сусветны гандлёвы цэнтр. Вечарам Францішак адправіцца ў Гарлем, дзе наведае школу "Каралева Апосталаў" і сустрэцца з дзецьмі і сем'ямі эмігрантаў. Апошнім пунктам дня будзе св. Імша ў зале Мэдысан-Сквер-Гарден.

У суботу, 26 верасня, Папа паедзе ў Філадэльфію, дзе будзе праходзіць VIII Сусветная сустрэча сем'яў. Раніцай ў архікатэдры святых Пятра і Паўла ён узначаліць Эўхарыстыю з біскупамі, духавенствам і кансэкраванымі асобамі Пенсільваніі. У другой палове дня прыме ўдзел у сустрэчы на карысць рэлігійнай свабоды з іспанамоўнай супольнасцю і іншымі эмігрантамі ў "Independence Mall". Вечарам Пантыфік узначаліць малітоўнае чуванне з сем'ямі на "Benjamin Franklin Parkway" у цэнтры Філадэльфіі.

Нядзелю, 27 верасня, Святы Айцец пачне са спаткання ў мясцовай семінарыі з біскупамі, якія прыбудуць на Сусветную сустрэчу сем'яў. Затым наведае зняволеных. У другой палове дня Францішак узначаліць св. Імшу на заканчэнне Сусветнай сустрэчы сем'яў. У той жа дзень Пантыфік пакіне ЗША і вылеціць у бок Рыма, дзе яго прыбыцця будуць чакаць 28 верасня ў 10.00.

(Паводле Радыё Ватыкана)

Prześlij komentarz Blogger

 
Наверх